КАСАБЛА́НКСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1943,

нарада прэзідэнта ЗША Ф.Рузвельта, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля і вышэйшых ваен. кіраўнікоў абедзвюх краін па распрацоўцы сумеснай палітыкі і стратэгіі ў ходзе 2-й сусв. вайны. Адбылася 14—24.1.1943 у г. Касабланка (Марока). Абмеркаваны перспектывы ваен. аперацый саюзнікаў на 1943, дасягнута дамоўленасць пра высадку саюзных войск у Сіцыліі з наступным развіццём баявых дзеянняў супраць фаш. Італіі (пасля завяршэння кампаніі ў Паўн. Афрыцы), прыняты план сумесных ваен. аперацый у Паўн. Бірме (прадугледжваў выгнанне яп. войск з Рангуна), разгледжаны пытанні аб франц. калан. адміністрацыі ў Паўн. Афрыцы (абмяркоўваліся пры ўдзеле запрошаных франц. генералаў Ш. дэ Голя і А.Жыро), аб пазіцыі Турцыі ў вайне, аб лёсе калоній у пасляваен. перыяд і інш. На выніковай прэс-канферэнцыі 24.1.1943 Рузвельт падкрэсліў, што саюзнікі будуць весці вайну супраць Германіі, Італіі і Японіі да іх безагаворачнай капітуляцыі.

т. 8, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)